НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.
В.С.Аношка.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)